undefinedАд шчырага сэрца віншую ўсіх вас з набліжэннем свята жыцця і надзеі — Ўваскрасення Хрыста.

Змёртвыхпаўстанне Езуса — гэта асноўная падзея ў гісторыі чалавецтва. Падзея, якая вывела людзей з няволі граху і адарыла магчымасцю новага жыцця ў Божым Валадарстве. Дзякуючы адкупленню, якое было здзейснена праз Крыж і Ўваскрасенне Хрыста, мы сталі дзецьмі божымі з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі. І таму толькі аўтэнтычная вера ў Хрыста можа даць нам збаўленне і радасць.

Няхай роздум над Пасхальным святам пераменіць нашыя сэрцы і дадасць усмешак на нашыя твары, каб з вуснаў на працягу ўсяго Вялікоднага перыяду ўсе навокал чулі гэты прыгожы вокліч надзеі: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды уваскрос! Аллелюя!»

Ксёндз Юры Быкаў, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску